ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)